Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» арганізуюць выставу жывапісу, графікі і скульптуры «Час магнатаў» навучэнцаў і выкладчыкаў ДУА«Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка», урачыстае адкрыццё якой адбудзецца 20 студзеня ў 17.00. у холе тэатра (вул. Крапоткіна, 44).

Экспазіцыя прысвечана «залатому стагоддзю» у гісторыі Беларусі, яе гісторыка-культурнай спадчыне, выдатным асобам. Мэтай правядзення выставачнага праекта з'яўляецца творчае асэнсаванне і папулярызацыя аднаго з самых важных гістарычных перыядаў Беларусі – XV–XVIII стагоддзяў – часу найбольш яркага росквіту нацыянальнай культуры.

Выстава з'яўляецца вынікам адной з праграм, якая рэалізуецца Моладзевым грамадскім аб'яднаннем «Азбука прадпрымальніцтва» сумесна з грамадскім аб'яднаннем «Аффабулационе» (Італія, Рым) і Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў (Мінск, Беларусь) у межах праекта «Голас культуры» пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза з мэтай устанаўлення грамадскага дыялогу ў сферы культуры праз забеспячэнне разумення беларускай самабытнасці, захаванне, трансляцыю і інтэграцыю нацыянальных звычаяў і традыцый у сучасным мастацтве з выкарыстаннем патэнцыялу творчых індустрый.

У выставе прымаюць удзел педагогі гімназіі-каледжа мастацтваў, сярод якіх – І.А. Арцімовіч, Ф.М. Басалыга, П.В. Лявонаў, М.П. Шыбко, П.В. Пірагова, В.М. Гардзіёнак-Кірэева, В.В. Цімашоў і іншыя, а таксама лепшыя навучэнцы гімназіі-каледжа мастацтваў.

Унікальныя аўтарскія творы мастацтва, аформленыя ў цэласную экспазіцыю, былі створаны на аснове сабранага матэрыялу падчас даследчай працы па вывучэнні багатага іканаграфічнага матэрыялу, помнікаў архітэктуры, нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў.

Кантактная інфармацыя арганізатараў выставы:
Іван Арцімовіч, выкладчык гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка (+375 29 369-35-10),
Юрый Саламонаў, галоўны мастак Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (+375 29 562-35-61),
Павел Сапоцька, дырэктар мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» (+375 29 853-75-98).